ІМУНІТЭ́Т РАСЛІ́Н,

неўспрыімлівасць раслін да ўзбуджальнікаў хвароб, шкоднікаў і прадуктаў іх жыццядзейнасці. Заснавальнік вучэння аб І.р. сав. біёлаг М.​І.​Вавілаў. Адрозніваюць І.р. структурны (мех.; залежыць ад марфал. асаблівасцей расліны-гаспадара, напр., густое апушэнне парасткаў) і хімічны (абумоўлены хім. асаблівасцямі, шкоднымі для паразіта). Вылучаюць 2 формы І.р.: сартавы і відавы (радавы), напр., гібрыд яравой пшаніцы № 21 устойлівы да большасці рас бурай іржы (сартавы), бульба наогул не пашкоджваецца ёй (відавы). Адрозніваюць таксама І.р. прыродны (прыроджаны) і набыты (штучны). Прыродны ўзнікае і замацоўваецца ў працэсе эвалюц. развіцця раслін; бывае пасіўны (існуе незалежна ад таго, трапляе ўзбуджальнік хваробы або паразіт на расліну ці не) і актыўны (уласцівасць расліны процістаяць узбуджальніку або шкодніку, якая выяўляецца і актывізуецца толькі пры пападанні на расліну). Набыты І.р. узнікае пасля перанясення раслінай хваробы ці ў выніку ўвядзення ў расліну аслабленай або знішчанай культуры ўзбуджальніка, пры ўжыванні антыбіётыкаў, інгібітараў росту. На выкарыстанні І.р. заснавана селекцыя раслін, устойлівых да хвароб і шкоднікаў.

т. 7, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)